З 17 па 19 траўня ў Бабруйску прайшоў Другі адкрыты фестываль “Шчасце ў дзецях”, арганізаваны Цэнтрам падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства “ПОКРОВА”.
У межах фестывалю адбылося шмат мерапрыемстваў, якія закранулі важныя сацыяльныя і духоўныя аспекты сучаснага жыцця. І мне, як непасрэднай ўдзельніцы, захацелася падзяліцца ўражаннямі. Сама назва фэсту скіроўвае нашую ўвагу на сямейныя каштоўнасці. Якая сапраўды паўнавартая сям’я – без дзяцей і без любові? Бо гэта – самае галоўнае. Але, на жаль, пераважна ў сем’ях беларусаў ня больш за 1-2 дзетак. Даецца ў знакі стэрэатыпнае меркаванне: маўляў, лепш прысвяціць сваё жыццё аднаму альбо, максімум, двум дзецям, але ні ў чым ім не адмаўляць, як той казаў, “паставіць іх на ногі”, “вывесці ў людзі” (часцяком замест таго, каб зрабіць людзьмі!)…
Асновай нашага фестывалю быў конкурс шматдзетных (у тым ліку прыёмных) сем’яў. Ён быў накіраваны не на канкурэнцыю і барацьбу за першынства, а на знаёмства, аб’яднанне і супрацу такіх сем’яў, каб паказаць людзям, якія мысляць стэрэатыпамі, наколькі яны памыляюцца.
Мне пашчасціла працаваць у журы гэтага конкурсу і бліжэй пазнаёміцца з гэтымі сем’ямі. За тры дні я зразумела, што гэтыя людзі сапраўды шчаслівыя і свабодныя. Шматдзетнасць – гэта не голад, галеча, антысанітарыя, недаразвітыя дзеці і іншыя змрочнасці, а сапраўдны прыклад Божай Любові!

1. СЯМ’Я ПАДАЛКА (Данецкая вобл., Украіна)
На фестывалі прысутнічала сям’я Падалка з Украіны, у іх дванаццаць дзетак. Акрамя таго, што яны займаюцца выхаваннем і гадаваннем, дык яшчэ тры разы на тыдзень кормяць жабракоў у цэнтры свайго гораду (порцыі да 100 чалавек)! У дзень прыезду я пазнаёмілася са старэйшай, адзінаццацігадовай, дачкой і праз нейкі час пераканалася, што перада мною – цалкам дарослая і адказная дзяўчына. Тое, што ёй заўсёдна даводзіцца даглядаць малодшых братоў і сястрычак, спрыяе ейнаму развіццю, з маленства закладвае каштоўнасці сям’і, фармуе найлепшыя якасці асобы. Вельмі ўражвае арганізаванасць, дзеткі натуральна прывыкаюць да дысцыпліны, узаемадапамогі, усім дзеляцца адно з адным.

2. СЯМ’Я КАРШУНОВЫХ-АНІКЕЕНКАЎ (Бабруйск)
А вось, напрыклад, у сям’і Каршуновых-Анікіенкаў з Бабруйску шасцёра дзяцей. Яны вельмі творчыя і цікавыя, займаюцца ў розных гуртках і студыях, пры гэтым знаходзяць час для супольнай дабрачыннай творчасці: рыхтуюць сямейныя спектаклі і ездзяць па дзіцячых дамох віншаваць і гуляць з тымі дзецьмі, каму так не хапае цяпла і ўвагі.

3. СЯМ’Я ПІМЕНАВЫХ (Менск)

4. СЯМ’Я ЛЯПЧАНКОВЫХ (Бранск, Расея)
Сям’ёй Піменавых з Менску на конкурсе плакатаў быў грунтоўна прадстаўлены вялікі радавод, усе чальцы сям’і шануюць і захоўваюць памяць пра сваіх продкаў. Вельмі ўразілі іх шчырыя, узнёслыя, бадай, арыстакратычныя адносіны міжсобку і моцнае адзінства. Падобнае адзінства, павагу да прашчураў і любоў да роднай зямлі было відаць на прыкладзе шматдзетнай сям’і Ляпчанковых з Бранску – у іх васьмёра дзетак, а дваіх маці яшчэ носіць пад сэрцам!

5. СЯМ’Я СУАРЭС (Менск)
Бацька шматдзетнай калумбійска-беларускай сям’і Суарэс трапна адзначыў: “Калі б у мяне не было так шмат дзетак, то быў бы ўжо “мэрсэдэс”. Але навошта ён мне, калі ў мяне столькі дзетак?! ;)))” Я пабачыла яскравы прыклад хрысціянства ў гэтых людзях, якія з радасцю ў вачах нясуць свой цяжкі крыж, выхоўваюць сапраўдных людзей і яшчэ пры гэтым не забываюць пра астатніх. І самае галоўнае, што многія дзеці праз выхаванне ў такіх сем’ях, і, безумоўна, дарослыя, у якіх яны нараджаюцца, знаходзяць самае галоўнае – Бога.
Усяго ў конкурсе ўзялі ўдзел 16 шматдзетных сем’яў. Фестываль пакінуў у маёй душы самыя светлыя і добрыя пачуцці. Вельмі прыемна было пабачыць, што ёсць такія цудоўныя, узорныя, паўнавартыя сем’і, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Усё больш і больш я разумею, што для таго, каб ў нашай краіны сапраўды была светлая будучыня, патрэбна моцная духоўная аснова, а яе дае нам Госпад Бог, найперш праз сям’ю. І мне асабіста зараз ёсць да чаго імкнуцца!

6.
P.S. А ўсім цынікам-скептыкам, хто ганьбіць падобныя мерапрыемствы, вінаваціць іх у няшчырасці, піяры Праваслаўнай Царквы і г.д., магу сказаць адно: для таго, каб рабіць нейкія высновы, патрэбна ведаць сітуацыю знутры. Калі ласка, прыязджайце на фестываль у наступным годзе, дапамагайце і рабіце нешта, а не асуджайце. І меркаванне ўжо праз пару гадзін зменіцца!
Аляксандра Турэц, Бабруйск
У артыкуле выкарыстаныя фота Віктара Шэйкіна
(http://vsheikin.ya.ru/253, “Презентация семейных проектов»)